Творчасць - у славу святых

У нядзелю ў інфармацыйна-асветніцкім цэнтры храма іконы Божай Маці “Взыскание погибших” ушанавалі некалькі падзей і імёнаў.


Настаяцель протаіерэй Сергій Крышталь расказаў аб хрысціянскім служэнні мучаніцы Таціаны і місіянерстве роўнаапостальнай Ніны, павіншаваў імянінніц з памятным днём. Выхаванцы і педагогі Лунінецкай дзіцячай школы мастацтваў - ансамбль “Весялушкі” (кіраўнік Людміла Езэпчук) і ансамбль цымбалістаў (на чале са Святланай Дубовік) - падрыхтавалі ўдзельнікам сустрэчы музычныя падарункі. Асабліва кранулі “Белавежская пушча” А. Пахмутавай і “Бярозка” І. Лучанка, малітоўна гучала “Авэ Марыя” А. Качыні, а народныя песні юных самадзейнікаў айцец Сергій праілюстраваў павучальнай прытчай. Усеагульнае захапленне выклікала студэнтка Мінскага музычнага каледжа Аня Дубовік (канцэртмайстар Таццяна Калешка). Юная цымбалістка выканала складаны твор, з якім хутка будзе выступаць на конкурсе імя М. Глінкі ў Расіі. Вядучая праграмы - настаўніца СШ №4 Святлана Карпінская адзначыла і вялікую ролю бацькоў, зацікаўленых у развіцці мастацкіх здольнасцей сваіх дзяцей.

Прадстаўнікі абаронча-патрыятычных арганізацый свой удзел у праграме “Дзень Анёла” прысвяцілі гістарычнай даце - 75-годдзю прарыву блакады Ленінграда. Старшыня мясцовага таварыства Беларускага саюза афіцэраў Уладзімір Жураўлёў прадставіў выставу мастацкіх вырабаў, якімі займаўся ў школьны і армейскі час. Інструктар-метадыст гарадской арганізацыйнай структуры ДТСААФ Алена Пятрэнка перадала шчырыя ўражанні ад выканання твораў, услаўляючых набыткі вялікай і малой радзімы, і ўручыла салодкія падарункі юным і дарослым музыкантам.

Самадзейныя артысты атрымалі пачастункі ад бацюшкі, які падзякаваў за святочнае завяршэнне аддання калядаў, і ад імянінніц - дырэктар філіяла “АРА” райпо Ніна Віцэнка выказала агульнае пажаданне слухачоў як мага часцей чуць здольных музыкантаў і іх настаўнікаў на гарадскіх канцэртах.

Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фото аўтара.

Комментарии