Дзеля любві і жыцця не шкада...


У гэтым годзе Дзімітраўская бацькоўская субота выпала на 2 лістапада, што афіцыйна адзначаецца як Дзень памяці.
2 лістапада 1921 года нарадзіўся Мікалай Давыдаў. Ён стаў лётчыкам, у час Вялікай Айчыннай вайны – Героем Савецкага Саюза. А 16 жніўня 1949 года – гэта яго дзень нараджэння ў вечнасці. У мірны час Мікалай Сяргеевіч здзейсніў яшчэ адзін подзвіг – адвёў падаючы самалёт ад Лунінца ў балота, цаною свайго жыцця захаваўшы жыцці жыхароў горада...
У Год малой радзімы важна адзначыць: лётчык Мікалай Давыдаў ваяваў і ва Усходняй Прусіі. Удзельнічаў у баях за горад Лабіау – цяпер Палеск, расійскі пабрацім Лунінца. Па волі лёсу Герой Вялікай Айчыннай вайны пахаваны ў нашым горадзе. А на зямлі Калінінградскай вобласці навечна засталіся больш за сто ўраджэнцаў раёна... Сапраўды дружба Палеска і Лунінца асвячана крывёю пакалення пераможцаў.
Напярэдадні памятнай даты прадстаўнікі раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз афіцэраў», навучэнцы гімназіі і сельгаскаледжа наведалі старыя Лунінецкія могілкі. Да помніка М.С. Давыдаву ляглі чырвоныя гваздзікі. Памяць лётчыка ўшанавалі хвілінай маўчання, у думках паўтараючы біблейскую ісціну: «Няма больш за тую любоў, як калі хто аддасць жыццё сваё за сяброў сваіх...».
Таццяна Канапацкая. Фота аўтара.

Комментарии