“Жыві, Беларусь, кветка ў садзе Гасподнім...”

У выдавецтве “Мастацкая літаратура” выдадзены чарговы зборнік вершаў паэта,
якога ведаюць пад псеўданімам Зніч.

Кніга мае сімвалічную назву “Святло з Жыровіч”. І гэта датычыць не толькі нацыянальнай
святыні. У Жыровіцкай Свята-Успенскай абіцелі ці не самы вядомы насельнік – манах Іаан
(Алег Бембель), аўтар духоўнай паэзіі.
Сын славутага скульптара доўгі час шукаў свой шлях. Паступіў у політэхнічны інстытут –
кінуў на 4-ым курсе, займаўся ў музычным вучылішчы... У 1969 годзе закончыў
кансерваторыю па спецыяльнасці фартапіяна. Захапіўся філасофіяй – аспірантура,
дысертацыя. Працаваў на тэлебачанні і ў Акадэміі навук БССР.
У 1996-ым смяротна захварэў – і апынуўся ў Жыровічах. Ідучы ад паслушніка Алега і інака
Мікалая, ужо трэці дзясятак год манах Іаан дзякуе Богу за падоўжанае жыццё. У снежні
2019-га Зніч адзначыў 80-гадовы юбілей.
Жыве ў манастыры, выконвае паслушэнствы – і займаецца творчасцю: “па-хрысціянску
асэнсоўвае лёсы чалавека і чалавецтва, грамадстваў і краін, спалучае патрыятычны
пафас з духоўнай лірыкай”, як напісана ў прадмове. Назвы раздзелаў кнігі – такія ж
паэтычныя, як і вершы: “Айчына... Зямная і Нябесная...” ці “...Краю мой... (прэлюдыя
мэтаў-ўспамінаў)...”. Ён піша свае Гімны – краіне і ўніверсітэту, дае свае тлумачэнне
нацыянальнаму багаццю, звяртаецца да юных – беларуса і беларусачцы. Як злабадзённа
чытаецца верш “Перамога будзе за намі!”, напісаны “Да першага ў ІІІ тысячагоддзі Дню
Перамогі і 60-й гадавіны 22-га чэрвеня 1941 года”:
...як з Богам пачалі вайну – ў бясоўскім асляпленні –
Бог сорак першы папусціў – для ўразумлення...
...пакаяліся – перад Госпадам Распятым... –
праз церніі – Бог даў нам сорак пяты!
...затым ізноў: вайна з Царквой – на вынішчэнне...
і... – быццам сорак першы йзноў – для ўразумлення...
...пакаемся, браты, – у будні й святы...
душы ўзарэм рупліва, як араты, –
малітваю і працаю зацятай...
І... – зноў Гасподзь пашле нам – СОРАК ПЯТЫ!
Кожны верш тоіць у глыбіні сэнсу вялікія пласты айчыннай і сусветнай мінуўшчыны.
Прароцтвуе “Апошняму славяніну” (“– ...цябе знішчаюць... ...тваімі рукамі... ...тваімі
мазгамі... ...і сэрцам тваім...”), захапляецца “Коптамі” (“вы захавалі Божы й свой народ,
хрышчоныя нашчадкі фараонаў”). Ідзе “Шляхам Святой Еўфрасініі”, даруе “Грахі гісторыі”.
Адрасуе пранікнёныя радкі і сябрам, і вядомым беларускім дзеячам. І шмат, шмат вершаў
прысвячае Іісусу Хрысту...
Творы няпроста чытаць, над кожным – трэба разважаць. Але сярод мноства малітоўных
слоў сапраўдным ратаваннем прыцягваюць гэтыя:
...калі ты і плоццю, й душой нездароў,
і боль твой суняцца не можа –
успомні, што ёсць жыватворны Пакроў
Жыровіцкай Маці Божай...
...калі абязкрыльвае бедстваў цяжар
і скрусе гатовы скарыцца –
ідзі і вазьмі сапраўды Божы Дар
Жыровіцкай цуда-крыніцы...
...калі не адбіцца ад духаў ліхіх
і з процьмы грахоў не падняцца –
малітваў прасі невядомых Святых –
з сузор’я Жыровіцкіх Старцаў...
...і сэрца тваё – лёггакрылае йзноў...
Сусвет – трапяткі і прыгожы...
бо вечна над ім – жыватворны Пакроў
Жыровіцкай Маці Божай...
Да 550-годдзя з’яўлення цудадзейнай Жыровіцкай іконы Божай Маці і 500-годдзя
заснавання манастыра яго насельнік зрабіў выдатны падарунак.
У кожнага з нас таксама будзе магчымасць адзначыць такі важкі юбілей. Вядома, што ў
гонар гэтай падзеі адбудзецца Усебеларускі хрэсны ход. Мяркуецца, што яго маршрут
пройдзе праз Лахву, Лунінец, Бастынь. Далучаемся?
Таццяна КАНАПАЦКАЯ.

Комментарии