ЛУНІНЕЧЧЫНА ЛІТАРАТУРНАЯ “Наканавана нам быць годнымі паэта, а школе хочацца яго імя насіць!”

 Лунінеччына літаратурная

“Наканавана нам быць годнымі паэта, а школе хочацца яго імя насіць!

 

“Настаўнік нацыі” – так назвалі Якуба Коласа школьнікі СШ №1 г. Лунінца, дзе адбылася адна з сустрэч “Лунінецкіх Каласавін”. Як дакладна гэта вызначэнне падрэсліла ролю народнага песняра ў гісторыі нашай краіны! Пачынаў як педагог, стаў адным з заснавальнікаў літаратурнай мовы, стварыў “энцыклапедыю сялянскага жыцця”, што і сёння вучыць нашчадкаў жыць у гармоніі з прыродай і суладдзі з сумленнем.

Хто злучае Пінск і Лунінец?

Традыцыйная праграма праводзіцца з 1991 года ў розных фарматах – ад гарадскога Дома культуры да школьнай актавай залы. Пандэмія вызначыла пэўныя абмежаванні ўдзельнікаў – пасяджэнне за “круглым сталом” ці сустрэча з класам у прадметным кабінеце. Яшчэ адна сёлетняя асаблівасць – “Лунінецкія Каласавіны” пачаліся… у “сталіцы Палесся”. Пінская гарадская дзіцячая бібліятэка імя Якуба Коласа арганізавала міжрэгіянальную канферэнцыю “Коласаўскія адрасы малой радзімы: памятныя мясціны, музеі, помнікі”. Так прыгожа “апошнія апосталы святла”, як паэт назваў работнікаў кніжных скарбніц, адзначылі 30-годдзе прысваення бібліятэцы імя класіка беларускай літаратуры.

Ганаровымі гасцямі свята сталі малодшая ўнучка народнага песняра Вера Данілаўна Міцкевіч, бацька якой нарадзіўся ў Пінску, і супрацоўнікі Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа – дэлегацыю ўзначаліў вучоны сакратар Антон Уладзіміравіч Астаповіч. Мінчане адкрылі выставу, прысвечаную галоўнай сёлетняй падзеі – 100-годдзю вяртання паэта на Бацькаўшчыну. На роднай зямлі яго голас загучыць у поўную моц, будуць выданы самыя значныя творы, праз гэта славутае імя свет даведаецца пра Беларусь і беларусаў.

У дар бібліятэцы ўручана кніга Юрыя Кур’яновіча “Старасвецкая Лошыца” (Мінск, “Беларусь”, 2018). І не выпадкова. Адным з героеў выдання з’яўляецца аднакурснік Якуба Коласа па Нясвіжскай семінарыі Вікенцій Антонавіч Філіповіч. Ураджэнец Пінска, ён працаваў у Лунінецкім народным пачатковым вучылішчы, дзе ў 1911-1912 гг. даў прытулак апальнаму паэту і магчымасць заробку прыватнымі заняткамі з вучнямі.

Імя В.А. Філіповіча, як і яго брата Уладзіміра, з якім у гэты час пазнаёміўся Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч, злучыла нашы гарады. З Пінска па старой дарозе, захаваўшай гістарычную брукаваную “трылінку”, шлях вёў у глыбінку Палесся, як часта называюць наш край.

155-гадовая ўстанова адукацыі

СШ №1 г. Лунінца, пераемніца пачатковага народнага вучылішча, гасцінна сустракала ўнучку Якуба Коласа. Літаратурная праграма была аздоблена паэтычнымі здольнасцямі настаўнікаў і мастацкай дэкламацыяй вучняў, уразіла тэатралізаванымі элементамі афармлення. Кранаюча гучалі словы дзяцей:

Вучыў нас Колас гаварыць

На мове нашай роднай,

I песні пець, жыццё тварыць,

Каб быць краінай самай годнай.

Да гонару калектыву аўтараў сцэнарыя, яны карысталіся выверанымі фактамі, што ў 1960-ыя гг. былі апублікаваны на старонках раённай газеты. Іх, на жаль, не ўлічваюць шматлікія інтэрпрэтатары каласазнаўства, таму ў выданнях апошняга часу здараюцца памылкі ў адносінах да перыяду знаходжання К.М. Міцкевіча ў Лунінцы (гэта датычыць і вышэй указанай кнігі – дзякуй Веры Данілаўне за ўнесеныя алоўкам папраўкі).

Калега будучага класіка

З “Авангарда” і “Ленінскага шляха” – пад такімі назвамі раней выходзілі цяперашнія “Лунінецкія навіны” – вучні СШ №1 даведаліся, што першаадкрывальнікам мясцін знаходжання народнага песняра ў Лунінцы з’яўляецца былы супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Леў Паўлавіч Мірачыцкі. Яму пашчасціла сустрэцца з ветэранам педагагічнай працы першай школы, якая вучыла лунінецкіх дзяцей яшчэ ў царскі час. Дачка свяшчэнніка Мікалая Прорвіча – Любоў – стала жонкай Уладзіміра Антонавіча Філіповіча. Маладая сям’я здымала кватэру, якая размяшчалася ў “шыкоўным доме Падгурскага” па Садовай вуліцы (цяпер гэта Савецкая; будынак захаваўся, але значна рэканструяваны). Вікенцій Антонавіч часта наведваў брата, у тым ліку з госцем, які затрымаўся ў Лунінцы амаль на 5 месяцаў. Старая настаўніца прыгадвала, што ў коле мясцовай інтэлігенцыі Якуб Колас абмяркоўваў літаратурныя навіны рэдакцыі “Нашай нівы”, абменьваўся думкамі аб надзённых справах “саматканага люду”, чытаў свае творы, спяваў калыханкі, любіў паказваць народныя камічныя прымаўкі і жарты…

У сакавіку 1912 года К.М. Міцкевічу дазволілі вярнуцца да настаўніцтва. Паэт пераехаў у вёску Купяцічы, а затым і ў Пінск. На памяць нашаму краю засталіся вечныя радкі:

3 цяжкім смуткам сэрца я вас пакідаю

Мілыя малюнкі дарагога краю!..

Гучалі гэтыя і іншыя вершы паэта, што цудоўна чыталі вучні розных класаў (такі дэмакратычны падыход, калі школьнікаў не прымушаюць рыхтавацца да пэўных праграм, а прапаноўваюць удзел у іх жадаючым, – адна з добрых традыцый СШ №1). А “разыначкай” “Лунінецкіх Каласавін” стала паяўленне на свяце самога… Якуба Коласа, ролю якога выдатна выканаў 11-класнік Уладзіслаў Гаўрыловіч.

У свой час на будынку раённага краязнаўчага музея адкрыта мемарыяльная дошка аб знаходжанні народнага песняра ў Лунінцы, у эскпазіцыі – бюст нацыянальнага класіка і стэнд з архіўнымі матэрыяламі. У 2005 годзе ўсталяваны помнік Якубу Коласу (пазней да яго ўсклалі кветкі Вера Міцкевіч і прадстаўнікі адміністрацыі СШ №1).

Цікава, што адной з вуліц (тут захаваўся дом свяшчэнніка, якога таксама наведваў народны пясняр, а пасля занатаваў айца Мікалая Прорвіча ў аповесці “У палескай глушы” трылогіі “На ростанях”) імя народнага песняра было прысвоена да яго 80-годдзя. Тады ж раённая газета апублікавала ліст вышэй прыгадваемай Любоў Мікалаеўны Савінскай (яе першы муж У.А. Філіповіч загінуў у час Першай сусветнай вайны, таму настаўніца ўзяла другі шлюб і змяніла прозвішча): “Ад усяго сэрца вітаю рашэнне гарвыканкама назваць Завальную вуліцу ў горадзе Лунінец імем Якуба Коласа... Для ўвекавечання памяці паэта добра б яшчэ з гэтай мэтай устанавіць мемарыяльную дошку на будынку школы №1, таму што на гэтым месцы калісьці знаходзілася старая народная школа і ў ёй жыў часова Якуб Колас” (28.08.1962).

Пажаданне амаль 60 год чакае свайго ажыццяўлення… А вучні ХХІ стагоддзя, маючыя гонар вучыцца ў старэйшай школе раёна, вылучаюць і новую прапанову:  

Заўсёды Коласа выконваць будзем запаветы,

Па мерках коласаўскіх працаваць і жыць,

Наканавана быць дастойнымі паэта,

А школе хочацца яго імя насіць!

Зычым грамадскай падтрымкі імкненням па ўшанаванню памяці народнага песняра! А Вера Міцкевіч, захопленая літаратурнай праграмай школьнікаў, пашкадавала толькі аб тым, што прыгожае відовішча не было запісана на відэа… Унучка (адна з шасці) класіка нацыянальнай літаратуры – навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Шмат цікавага магла б давесці пра сваю творчую дзейнасць! Але сустрэча адбывалася ўпершыню, таму Вера Міцкевіч расказала аб сям’і славутага дзеда, паведаміла аб фактах, што не адлюстраваны ў школьных падручніках, адказала на пытанні юных лунінчан. Атмасфера зносін была настолькі шчырай, што дырэктар школы Ганна Францаўна Богдан не хавала эмоцый:

–Упершыню сустрэліся з Верай Данілаўнай, а здаецца, што ведаем унучку Якуба Коласа ўсё жыццё!

Па сцяжынках народнага песняра…

Эскурсія, што супрацоўнікі Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа ажыццявілі па Піншчыне (асабліва ўражаны музеем у Пінкавічах і яго юнымі экскурсаводамі), працягнулася ў Лунінцы. Сімвалічным экспанатам папоўніцца эспазіцыя сталічнага “храма муз” – намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Іванавіч Савіна перадаў сноп новага ўраджаю з жартоўным пажаданнем:

–Хлеб сабраны – няхай і “літаратурныя дажынкі” ўражваюць новымі творамі!

Вераснёўскі дождж перашкодзіў працягламу агляду вуліцы, школы, дома. Але за сціпласцю і простатой аб’ектаў мясцовай мінуўшчыны госці ўбачылі галоўнае – любоў да малой радзімы і захопленасць вывучэннем яе таямніц. Гэта адзначыла дачка вядомага беларускага пісьменніка – Наталля Аляксандраўна Адамовіч шмат год працуе ў музеі народнага песняра:

–Упершыню пазнаёмілася з Палессем і ўпэўнена, што абавязкова сюды вярнуся. І не толькі для таго, каб палюбавацца захаванасцю старой архітэктуры. Уразілі людзі, з якімі перакрыжаваліся літаральна на хаду, – бібліятэкары, краязнаўцы, журналісты, настаўнікі, школьнікі. Прыгадваючы радок Якуба Коласа: “Божы дух вітаў у высі!”, праецырую яго на ўвесь гэты самабытны беларускі край…

 

Таццяна Канапацкая.

Комментарии