ПАМЯЦЬ Вясёлкавы агеньчык свечак…

 ПАМЯЦЬ

Вясёлкавы агеньчык свечак…

Вершы паэткі Вольгі Аляшкевіч (02.04.1977-26.07.2005) гучалі ў СШ №2 г. Лунінца.

 





Літаратурную сустрэчу арганізавала настаўніца беларускай мовы і літаратуры Святлана Кузьміч з вучнямі 6-7-8-ых класаў, запрасіўшы калег і прадстаўнікоў грамадскасці. Педагог адкрыла праграму прытчай пра шчасце. З просьбай растлумачыць гэта слова ў духоўным разуменні, Святлана Мікалаеўна звярнулася да свяшчэнніка. На працягу свайго служэння протаіерэй Сергій Крышталь запэўнівае навакольных, што шчасце – гэта малітоўныя зносіны з Богам. Пераканаўчы прыклад – таленавітая дзяўчына ў інваліднай калясцы, якая з дапамогай айца Сергія і адданых верніц знайшла дарогу да храма. Глыбокая вера надала Вользе сілы духу пераадолець фізічныя пакуты, а яе паэзію ўзняла да вершаванай “Молитвы”, што са слязамі на вачах прачытала мама – Галіна Алікаўна Аляшкевіч.

МІлагучнасцю паэтычных радкоў захапіліся дзяўчынкі і хлопчыкі, якія пранікнёна выконвалі вершы незабыўнай лунінчанкі. Гэта адзначыў старшыня прафкама лакаматыўнага дэпо Аляксандр Іванавіч Матор, які штогод ад імя прадпрыемства уручае Дыплом памяці Вольгі Аляшкевіч сучасным аматарам літаратурнага слова. Дырэктар школы Эдуард Сцяпанавіч Антановіч упершыню прысутнічаў на паэтычнай сустрэчы і, падзякаваўшы юным чытальнікам, пажадаў хутчэй асэнсаваць простую ісціну аб тым, як важна паспець выказаць любоў да сваіх родных і блізкіх.

На класнай дошцы былі напісаны даты кароткага жыцця паэткі, каб дзеці зразумелі, што толькі стваральная творчасць чалавека пакідае дабратворны след на зямлі. Рознакаляровыя свечкі адлюстроўваліся вясёлкавымі агеньчыкамі на партрэце паэткі. Традыцыйнае памінанне светла-узнёслымі вершамі і душэўнай сямейнай атмасферай стварыла настрой на прыгожыя святы вясны.


Таццяна Васільева. Фота з архіва школы.

Комментарии