Лунінеччына літаратурная 4 ШАНАВАННЕ КНІГІ – У СВЯТА БАГАРОДЗІЦЫ… “Александръ” прадставіў і наш край!

 Лунінеччына літаратурная 4

Шанаванне Кнігі – у Свята Багародзіцы…

“Александръ” прадставіў і наш край!

Наступным днём, 22 ліпеня, праграма літаратурнага свята працягнулася ў Лунінецкай дзіцячай бібліятэцы.




Тут сабраліся не толькі юныя чытачы, але іх маці, бабулі і дзяды, а таксама рознаўзроставыя аматары кнігі. Лунінчане радасна віталі гасцей з Мінска, якія перадалі каштоўнейшы падарунак – беларускі нумар расійскага літаратурна-гістарычнага часопіса “Александръ” (№8-2022), дзе змешчаны і нарыс аб вытоках духоўнасці ў нашым краі.

Назва выдання ўвасобіла павагу да “сонца рускай паэзіі” пачатку ХІХ стагоддзя. А на рубяжы гэтага і ХХ стст. апошнім вялікім рускім паэтам прызнаны творца “Незнаёмкі”. Яго вершамі яшчэ пашчасціць захапіцца юнаму пакаленню, а старэйшае – пераканана, што Аляксандр Блок адказвае на злабадзённыя пытанні асэнсавання выклікаў і нашага часу. Зразумелая ўдзячнасць пісьменніку-земляку, які наблізіў да нас творчасць генія “сярэбранага веку”…

Займальна правяла сустрэчу паэт Іна Мікалаеўна Фралова, якая не толькі прадставіла свае новыя кнігі, але і “пагуляла” з удзельнікамі ў літаратурную віктарыну і творчую “зарадку”. Пісьменнік Сяргей Аляксандравіч Трахімёнак, ва ўласцівай яму жартаўліва-сур'ёзнай манеры, пазнаёміў са сваімі кінаработамі, але яшчэ больш пакарыў слухачоў песнямі пад гітару. Бібліятэкар Ірына Рыгораўна Аляшкевіч выказала спадзяванні на новыя, такія ж багатыя на ўражанні, творчыя сустрэчы. Завяршэннем зносін аднадумцаў стала ўскладанне кветак да помніка Мікалаю Калінкавічу каля цэнтральнай бібліятэкі – кароткай памінальнай цырымоніі не перашкодзіў праліўны ліпеньскі дождж…

Таццяна Канапацкая. Фота аўтара.

(Працяг будзе).

Комментарии